Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Драчкаўская сярэдняя школа”
Урок навучання грамаце па тэме: “Гук [ў]. Літары Ў,ў”
Распрацавала і правяла:
настаўнік пачатковых класаў
Сачок Алена Рыгораўна
Мэта: навучыць чытаць словы з літарай ў (у нескладовае).
Задачы:
адукацыйныя:
— пазнаёміць з гукам [ў] і адпаведнай літарай ў;
— адпрацоўваць уменне дыферэнцыраваць гукі [ў], [у] ў словах; даваць характарыстыку вывучаным гукам;
— удасканальваць уменні мадэляваць схемы слоў;
— фарміраваць навык цэласнага чытання слоў;
развіццёвыя:
— развіваць маўленчыя здольнасці вучняў;
— развіваць навык удзелу ў вучэбным дыялогу (разуменне пытанняў і адказаў іншых вучняў, пабудова адказаў, дапаўненне адказаў іншых вучняў);
выхаваўчыя:
— фарміраванне цікавасці да чытання як сродку пазнання, чытацкага кругагляду;
— садзейнічаць фарміраванню культуры зносін.
Абсталяванне: праграма, мультымедыйная прэзентацыя ў праграме Microsoft Power Point, падручнік “ Буквар “, тэлевізар, камп’ютар, наглядна-дыдактычныя дапаможнікі.
Ход урока
I. Матывацыя да вучэбнай дзейнасці (самавызначэнне да дзейнасці)
Настаўнік:
Празвінеў званок,
Пачынаецца ўрок.
Хутка час прабяжыць,
Трэба ім даражыць
Будзем добра працаваць,
Будзем веды набываць.
А пакажыце мне, калі ласка, які ў вас зараз настрой. Калі вясёлы, бадзёры, гатовыя добра папрацаваць – падыміце тварык з усмешкай. А калі сумны — тады падыміце тварык без усмешкі.
(Дзеці паказваюць карткі)
Дзякуй. У мяне таксама добры настрой. Чакаю ад вас правільных адказаў, плённай працы і добрых паводзін.
Пакладзіце свій добры настрой на далонькі, падзяліцеся з сонейкам. (На дошцы прымацавана выява сонейка). Яно нам будзе дапамагаць увесь урок.
II. Актуалізацыя апорных ведаў.
Гульня “Дапоўні сказ”.
1) Гукі мы чуем, а літары … (бачым);
2) У гукаў бываюць прозвішчы … (зычны і галосны);
3) Зычныя гукі вымаўляем … (коратка);
4) Галосныя гукі мы можам … (праспяваць);
5) Галосны гук утварае … (склад).
III. Стварэнне праблемнай сітуацыі
Настаўнік: Сёння адпраўляемся на прагулку на луг. І пойдуць з намі літары. Давайце назавём іх. (Называюць).
Ітак, мы на лузе. Свеціць сонейка. Радуемся сонейку. Памашам рукамі сонейку. Набеглі хмаркі. Схавалі сонейка. Паліў дождж. (Стукаюць пальчыкамі па партах). Намоклі літары нашы? Давайце схаваем іх пад парасоны.
Літары галосных гукаў “хаваюцца” пад чырвоны парасон, літары зычных – пад сіні.
IV. Пастаноўка вучэбнай праблемы.
Пры выкананні задання ў дзяцей узнікае цяжкасць з вызначэннем “статусу” літары ў. Пад які парасон “схаваць” літару? Якую літару не ведаем?
Якое было заданне? (Вызначыць галосны ці зычны гук абазначаюць літары). Заданне аднолькавае для ўсіх, а выканалі па-рознаму. Чаму? Якую літару не ведаем? (Не ведалі літару ў).
Дзеці з дапамогай настаўніка фармулюць тэму ўрока, складаюць план работы на ўроку.
V. Пошук рашэння вучэбнай праблемы.
1) Гукавая размінка. Выдзяленне гука [ў].
— Як кот просіць есці? (Мяў-мяў-мяў).
Гука-літарны аналіз слова мяў.
Адзначаецца, што гук [ў] вымаўляем коратка, ён зычны, цвёрды, звонкі. Пазначаем гэта на плане.
Ацаніць сваю работу.
2) Абазначэнне гука [ў] літарай ў.
Супастаўленне вымаўлення і графічнага выяўлення літар у і ў.
Вучні трэніруюцца ў вымаўленні гукаў: [у] — галосны, перашкод няма, гучыць працягла, губы выцягнуты ўперад трубачкай; гук [ў] — зычны, вымаўляецца коратка, губы крышку расцягнуты, разамкнуты на шырыню пальца.
Зрокавая гімнастыка
— Сядзьце зручна, адкіньцеся на спінкі стульяў, заплюшчыце вочкі і паспрабуйце імі намаляваць у паветры спачатку літару у, потым – ў. Надрукаваць літару ў у паветры, на далоні.
Ацаніць сваю работу.
Вяртаемся ў пачатак урока да літар пад парасонамі. Удакладняем пад які парасон “схаваць” літару ў.
Вывад: гук [ў] зычны, заўсёды цвёрды, звонкі, абазначаецца літарай ў.
VI .Фізмінутка “Сонейка і дожджык” Музычная гульня.
VII. Этап узнаўлення ведаў
Гульнёвае практыкаванне “Чуйныя вушкі”
Давайце пагуляем. Дзяўчаты будуць літарай у, а хлопчыкі будуць літарай ў.
Настаўнік вымаўляе словы, вучні, пачуўшы ў словах [у], выцягваюць губы трубачкай (імітуюць вымаўленне галоснага гука), калі ж чуюць гук [ў] — пляскаюць у далоні, тым самым паказваюць, што гук [ў] — зычны, звонкі.
Словы для вымаўлення: шум, шоўк, жоўты, жук, жураўлі, ластаўка, студня, лужок, алоўкі, воўк, вуда, коўдра, курка, пеўнік, пушок, заўтра, зубы, дубок.
VIII. Першаснае замацаванне
1.Чытанне складоў.
Чытанне адкрытых складоў па наглядна-дыдактычным дапаможніку “Сланечнік”.
Праца вучняў злінеечкамі літар. Чытаюць склады, дадаюць гук [ў].
2. Чытанне слоў.
Складзіце з літар разразной азбукі слова быў. Замяняйце па чарзе першую літару і агучвайце новыя словы: жыў, рыў, выў, мыў, шыў. Вызначце, якія з гэтых слоў змешчаны ў першых трох слупках на с. 92.
3. Работа з тэкстам “Школа на лузе”
1) Прачытайце загаловак да тэксту. Як вы думаеце, якая школа можа быць на лузе? (Меркаванні дзяцей).
2) Чытанне тэксту настаўнікам. Чаму рыбка ў рацэ маўчала? (Не ведала ніводнага гука). Ці добрая яна была вучаніца?
3) падрыхтоўка да самастойнага чытання.
Чытанне чацвёртага і пятага слупкоў слоў на с.92.
Чытанне слоў на дошцы. (з літарай ь, са збегам зычных у пачатку слова, з літарай ў, з літарай е пасля галоснай).
4) Самастойнае чытанне тэксту вучнямі. Гульня «Птушыны хор». (Чытанне напаўголасу).
5) Выбарачнае чытанне.
Куды выйшаў Міхаська? Як пра гэта напісана ў тэксце. Прачытайце, што пачуў Міхаська.
Далей чатыры радкі тэксту вучні чытаюць хорам.
Якія гукі вывучалі жыхары лугу? Хто не вучыўся разам з імі? Чаму? Падмацуйце свой адказ радкамі тэксту.
Якія сказы можна далучыць да ілюстрацыі?
Абгрунтуйце дакладнасць выбранага загалоўка “Школа на лузе”.
Ацаніць сваю работу.
X. Самастойная работа.
Кот Матроскін на сажалцы лавіў рыбу. Дапамажыце яму раскласці рыбык у два вядры. У адно вядро трэба пакласці рыбак, якія змяшчаюць словы з літарай у, у другое – з літарай ў.
Калектыўная праверка. Выпраўленне памылак.
Ацаніць сваю работу.
XI. Вынікі ўрока. Рэфлексія.
Пра што новае даведаліся на ўроку? Які гук вывучалі на ўроку?
(Гук [ў] — зычны, заўсёды цвёрды, звонкі.)
Ці адкрылі мы сакрэт літары ў?
Чаму навучыліся?
Як можам прымяніць свае веды?
Самаацэнка дзецьмі асабістай дзейнасці на ўроку. (Па картках)